ТЭАРЭТЫЧНЫ РАЗДЗЕЛ
Лекцыйныя заняткi № 1
Методыка выкладання беларускай мовы як навука
1. Метадалагiчныя асновы методыкi выкладання беларускай мовы
2. Прадмет, задачы, структура курса методыкi выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах
3. Сістэма паняццяў і катэгорый лінгваметодыкі
4. Структура і метады лінгваметадычнага даследавання
1. Метадалагiчныя асновы методыкi выкладання беларускай мовы. Метадалагічнай асновай методыкі выкладання беларускай мовы з’яўляецца тэорыя пазнання, а таксама тэорыя аб ролі мовы ў функцыянаванні і развіцці грамадства і фарміраванні асобы.
Фундаментам, тэарэтычнай базай методыкі выкладання беларускай мовы з’яўляюцца лінгвістычныя, псіхалагічныя і педагагічныя тэорыі.
Тэарэтычныя абагульненні ў галіне фанетыкі, графікі, арфаграфіі ляжаць у аснове навучання грамаце. Граматычныя тэорыі з’яўляюцца базай для методыкі навучання граматыцы. Методыка развіцця маўлення вучняў абапіраецца на лексіку, тэорыю тэксту і іншыя лінгвістычныя дысцыпліны. Трэба заўважыць, што развіццё маўлення ў сучасны момант пераходзіць з чыста практычнага ўзроўню на навуковы. Гэта звязана з тым, што ў самой лінгвістыцы сталі актыўна развівацца такія напрамкі, як функцыянальная стылістыка, культура маўлення, тэорыя тэксту.
На мяжы лінгвістыкі і псіхалогіі ўзнікла нават новая галіна ведаў, якая даследуе працэсы ўзнікнення і ўспрымання мовы, – псіхалінгвістыка. Развіццё ўсіх гэтых навук паслужыла штуршком для абнаўлення адпаведнага раздзела методыкі выкладання.
Для методыкі выкладання значымымі з’яўляюцца асноўныя палажэнні агульнай псіхалогіі (псіхалогія памяці, псіхалогія ўспрымання), а таксама ўзроставай псіхалогіі. Асаблівую ролю іграе педагагічная псіхалогія, сфера зацікаўленасці якой – працэс навучання.
Фундаментальнай для методыкі выкладання беларускай мовы з’яўляецца канцэпцыя суадносін навучання і развіцця, якая замацавалася ў паняцці “развіццёвае навучанне” (навучанне, абапіраючыся на дасягнуты ўзровень дзіцячага развіцця, павінна апераджаць яго, весці за сабою).
Развіццё методыкі выкладання беларускай мовы немагчыма без уліку дасягненняў дыдактыкі, якая распрацоўвае спосабы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці. Паводле даследаванняў вучоных-дыдактаў, значнае месца на ўроку павінна займаць прадуктыўная пошукавая дзейнасць. Толькі на яе грунце можна сфармуляваць асновы самастойнага мыслення, творчыя пачаткі і ў цэлым можна садзейнічаць развіццю асобы вучня.
Такім чынам, у якасці тэарэтычных асноў методыкі выкладання беларускай мовы выступаюць лінгвістыка (літаратуразнаўства), псіхалогія і педагогіка. Абапіраючыся на канцэпцыі гэтых навук, методыка выкладання беларускай мовы распрацоўвае сваю тэорыю навучання і стварае на яе аснове праграмы і падручнікі.
2. Прадмет, задачы, структура курса методыкi выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах. Методыка выкладання беларускай мовы – педагагічная практыка-арыентаваная навука, якая вызначае мэты, змест, заканамернасці, прынцы пы, метады, прыёмы і формы навучання беларускай мове.
Методыка выкладання беларускай мовы заклікана перагледзець, пераправерыць эфектыўнасць існуючай сістэмы навучання мове, знайсці ў гэтай сістэме слабыя месцы, зразумець іх прычыны і з сучасных тэарэтычных пазіцый вызначыць шляхі і спосабы паляпшэння практыкі навучання.
Прадметам методыкі з’яўляецца працэс навучання беларускай мове (распрацоўка тэхналогіі навучання) і даследаванне заканамернасцяў засваення мовы.
Змест методыкі выкладання беларускай мовы вызначаюць наступныя раздзелы:
1. Агульныя пытанні методыкі пачатковага навучання беларускай мове.
2. Беларуская мова як вучэбны прадмет у пачатковых класах
3. Методыка вывучэння асобных тэм школьнага курса беларускай мовы ў пачатковых класах (методыка вывучэння асноў фанетыкі і графікі; методыка вывучэння элементаў лексікалогіі; методыка вывучэння марфемнага складу слова; методыка вывучэння элементаў марфалогіі; методыка вывучэння элементаў сінтаксісу і пунктуацыі).
Як і любая прыкладная навука, методыка выкладання беларускай мовы арыентавана на вырашэнне практычных задач:
– вызначэнне мэт, задач і зместу навучання беларускай мове ў школе;
– высвятленне заканамернасцяў засваення мовы і вызначэнне на гэтай аснове прынцыпаў навучання;
– пошук і характарыстыка найбольш эфектыўных метадаў , прыёмаў , арганізацыйных формаў навучання;
– стварэнне канкрэтных матэрыялаў для вучняў і настаўнікаў (праграм, падручнікаў і інш.), якія павінны быць вынікам тэарэтычных даследаванняў;
– вывучэнне метадычнай спадчыны, традыцый і наватарства, навуковае асэнсаванне перадавога педагагічнага вопыту.
Вырашаючы гэтыя задачы, методыка выкладання беларускай мовы павінна ўлічваць:
а) спецыфіку мовы як сродку зносін;
б) псіхолага-педагагічныя заканамернасці працэсу навучання;
в) сацыяльныя патрэбы грамадства.
3. Сістэма паняццяў і катэгорый лінгваметодыкі. Фундаментальныя паняцці і катэгорыі методыкі выкладання беларускай мовы: мэты і змест моўнай адукацыі, падыходы да навучання, заканамернасці авалодання мовай, прынцыпы навучання, метады, прыёмы і формы навучання, адукацыйныя тэхналогіі.>
Мэты моўнай адукацыі – адна з галоўных катэгорый методыкі. Дакладнае вызначэнне стратэгічных і тактычных мэт адукацыі дазваляе правільна і эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс.
Змест моўнай адукацыі – гэта лінгвістычныя звесткі, моўныя і маўленчыя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі, а таксама спосабы дзейнасці, якімі павінны авалодаць вучні ў працэсе пазнання мовы як сістэмы.
На сучасным этапе ў тэорыi i практыцы навучання рэалiзуюцца сістэмна-функцыянальны, кампетэнтнасны, камунікатыўна-дзейнасны, лінгвакультуралагічны і асобасна арыентаваны падыходы.
Сістэмна-функцыянальны падыход забяспечвае засваенне вучнямі моўных сродкаў, адбор і арганізацыю моўнага матэрыялу для авалодання моўнай кампетэнцыяй.
Кампетэнтнасны падыход у навучанні мове прадугледжвае разам з атрыманнем ведаў пра мову развіццё ўменняў аналізаваць і сістэматызаваць моўную інфармацыю, выкарыстоўваць яе ў маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з асобаснымі запатрабаваннямі для рашэння вучэбных, пазнавальных, практычных і камунікатыўных задач. Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе фарміраванне ў малодшых школьнiкаў шэрагу кампетэнцый. Кампетэнцыі ў моўнай адукацыі адлюстроўваюць здольнасць рэалізацыі моўных ведаў і ўменняў праз маўленчую дзейнасць у розных сітуацыях зносін, у тым ліку ў працэсе навучання.
Камунікатыўна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове прадугледжвае такую арганізацыю працэсу навучання, якая максімальна набліжаецца да рэальнага працэсу маўленчых зносін. Аб’ектам навучання становіцца маўленчая дзейнасць ва ўсіх яе відах. У аснове навучання знаходзяцца рэальныя маўленчыя дзеянні вучняў, якія накіраваны не толькі на ўспрыманне і разуменне вусных і пісьмовых выказванняў на беларускай мове, але і на стварэнне беларускамоўных тэкстаў. Гэта садзейнічае развіццю маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.
Лінгвакультуралагічны падыход да навучання прадугледжвае рэалізацыю задач фарміравання культурнага чалавека сродкамі беларускай мовы. У логіцы лінгвакультуралагічнага падыходу мова разумеецца не толькі як сродак назапашвання ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў, але і як сродак станаўлення асобы вучня, усведамлення ім прыналежнасці да свайго народа, сваёй краіны. Праз мову адбываецца далучэнне асобы да светапогляду народа, яго гісторыі, культуры, сістэмы маральных і духоўных каштоўнасцей. Найважнейшым спосабам выражэння культуралагічнай інфармацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца культурнае (намінатыўнае, эмацыянальнае, экспрэсіўнае, ацэначнае, вобразнае, матывацыйнае) значэнне вывучаемых адзінак мовы (слоў, прыказак, прымавак, формул маўленчага этыкету, тэкстаў культуразнаўчага характару).
Асобасна арыентаваны падыход характарызуецца тым, што ў цэнтры вучэбнай дзейнасці знаходзіцца асоба вучня (яго развіццё, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў, цiкавасцяў, творчых магчымасцяў).
Заканамернасць – аб’ектыўна існуючая сувязь з’яў, якая вызначае асноўную лінію любога развіцця. Заканамернасці засваення мовы – залежнасць засваення мовы ад ступені развіцця маўленчай сістэмы чалавека, яго інтэлекту, памяці, эмацыянальнай сферы.
Існуе шэсць заканамернасцяў натуральнага працэсу засваення роднай мовы.
1. Родная мова засвойваецца, калі засвойваецца «матэрыя мовы» ў працэсе мускульнай маўленчай дзейнасці дзіцяці. Развіваюцца кінестэзічныя (маўленчарухальныя) адчуванні.
2. Родная мова засвойваецца, калі развіваецца здольнасць разумець моўныя значэнні рознай ступені абагульненасці, калі лексічныя і граматычныя навыкі набываюцца сінхронна. Пры гэтым развіваецца мысленне, уяўленне дзіцяці.
3. Родная мова засвойваецца, калі паралельна з разуменнем лексічных і граматычных адзінак з’яўляецца ўспрымальнасць да іх выразнасці. Пры гэтым развіваецца эмацыянальная і валявая сфера дзіцяці.
4. Родная мова засвойваецца, калі развіваецца пачуццё мовы, г. зн. інтуітыўнае (неўсвядомленае) правільнае (у адпаведнасці з нормай) валоданне ўсімі кампанентамі мовы. Пры гэтым развіваецца памяць дзіцяці.
5. Пісьмовае маўленне засвойваецца, калі яго апярэджвае развіццё вуснага маўлення, калі яно з’яўляецца як бы “перакладам”, перакадзiроўкай гукавога маўлення ў графічнае. Пры гэтым развіваюцца ўсе пазнавальныя здольнасці, эмоцыі і воля дзіцяці.
6. Калі на папярэднім узроставым этапе развіццё маўлення дзіцяці было праведзена ў поўную меру яго магчымасцяў, то на наступным этапе працэс узбагачэння маўлення і засваення яго дзіцем ідзе хутчэй і лягчэй.
Паколькі кожны маўленчы навык утвараецца на базе развіцця пэўнай пазнавальнай здольнасці (адчування, памяці, уяўлення, мыслення) ці эмацыянальнага і валявога стану, то і заканамернасці натуральнага працэсу засваення роднай мовы можна вызначыць як залежнасць удасканалення структуры маўленчых навыкаў ад развіцця пазнавальных здольнасцяў, эмацыянальнай і валявой сферы дзіцяці.
З заканамернасцяў засваення мовы вынікаюць метадычныя прынцыпы навучання – тэарэтычныя палажэнні, кіруючыся якімі настаўнік мэтанакіравана арганізуе вучэбную дзейнасць вучняў.
Усе прынцыпы, на аснове якіх грунтуецца навучанне беларускай мове, можна падзяліць на агульнадыдактычныя і лінгвадыдактычныя.
Агульнадыдактычныя прынцыпы. Прынцып навуковасці патрабуе, каб адукацыйныя тэхналогіі грунтаваліся на апошніх дасягненнях метадычнай навукі, а змест навучання адпавядаў сучаснаму стану развіцця лінгвістыкі. Вучням паведамляюцца тыя навуковыя звесткі, якія трывала замацаваліся ў лінгвістыцы. У сваю чаргу ад вучняў патрабуецца дакладная фармуліроўка паняццяў, правільнае выкарыстанне тэрміналогіі. Аб’ём навукова-тэарэтычных ведаў вызначаны праграмай і падручнікамі.
Прынцып сістэматычнасці і паслядоўнасці абазначае, што матэрыял павінен прапаноўвацца для вывучэння не хаатычна, а ў пэўнай сістэме і паслядоўнасці ў адпаведнасці з логікай навукі. Напрыклад, паняцце пра род і лік прыметнікаў неабходна сфарміраваць пасля таго, як вучнi пазнаёмяцца з родам і лікам назоўнікаў. Сістэматычнасць і паслядоўнасць патрабуе пры вывучэнні матэрыялу захоўваць сувязь папярэдняга з наступным, абапірацца на раней вывучанае, засвоенае. Напрыклад, правілы правапісу галосных засвойваюцца на аснове ведання фанетыкі.
Прынцып свядомасці і актыўнасці заключаецца ў асэнсаваным засваенні моўных з’яў, правілаў, законаў і актыўным выкарыстанні ведаў на практыцы. Свядомае засваенне матэрыялу дасягаецца тады, калі вучні пад кіраўніцтвам настаўніка самі аналізуюць моўны матэрыял, абагульняюць назіранні і робяць вывады. Для свядомага ўспрымання вучэбнага матэрыялу вялікае значэнне мае псіхалагічная настроенасць вучняў, а таксама метадычнае майстэрства настаўніка, яго ўменне пабудаваць урок так, каб вучні пастаянна пераадольвалі цяжкасці, самастойна прыходзілі да пэўных вывадаў, адкрывалі невядомае, патрэбнае ў жыцці і моўнай практыцы.
Прынцып даступнасці патрабуе, каб адбор матэрыялу ажыццяўляўся з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей вучняў, узроўню іх агульнага развіцця і падрыхтоўкі. Даступнае навучанне – не значыць аблегчанае. Навучанне павінна весціся на дастаткова высокім узроўні цяжкасці, інакш малодшым школьнікам будзе нецікава, у іх не сфарміруецца пазнавальная актыўнасць. Прынцып даступнасці дапускае выкарыстанне ў школьным навучанні “рабочых” тэрмінаў (напрыклад, галосныя літары замест літары, якія служаць для абазначэння галосных гукаў, і інш.).
Прынцып трываласці характарызуецца замацаваннем матэрыялу ў памяці, яго свабодным узнаўленнем і выкарыстаннем на практыцы. Трываласць забяспечваецца праз свядомае засваенне, практычнае выкарыстанне ведаў, сістэматычнае паўтарэнне і кантроль з боку настаўніка.
Прынцып нагляднасці. Найбольш даступным наглядным дапаможнікам з’яўляецца класная дошка, на якой усе запісы павінны быць выразнымі, каліграфічнымі. Выкарыстоўваюцца таксама схемы-мадэлі, апорныя схемы, плакаты, малюнкі, карціны, карткі, макеты, муляжы, гербарыі і інш.
Прынцып пераемнасці і перспектыўнасці. Прынцып пераемнасці заключаецца ў апоры на раней вывучанае, а перспектыўнасць навучання – у падрыхтоўцы вучняў да засваення таго матэрыялу, які будзе вывучацца пазней (напрыклад, прапедэўтычнае вывучэнне складанага сказа).
Прынцып сувязі тэорыі з практыкай прадугледжвае авалоданне практычнымі ўменнямі на аснове засваення граматычнага матэрыялу (непрыманне антыграматычнага напрамку пры вывучэнні арфаграфіі). Вучні павінны пастаянна адчуваць жыццёвую неабходнасць у авалоданні тымі ці іншымі тэарэтычнымі звесткамі.
Прынцып адзінства навучання, выхавання і развіцця. Пры навучанні мове не толькі павялічвацца аб’ём ведаў, але і развіваюцца мысленне, памяць, уяўленне, маўленне. Навучанне, арыентаванае толькі на засваенне ведаў, мае нязначны развіццёвы эфект.
Лінгвадыдактычныя прынцыпы. Прынцып станоўчага эмацыянальнага фону абазначае, што адукацыйны працэс павінен уздзейнічаць не толькі на развіццё мыслення вучняў, але і на іх пачуцці, эмоцыі. Дзеці павінны адчуваць радасць пазнання.
Прынцып антрапалізацыі адукацыі заключаецца ў развіцці базавых для чалавека маўленчых здольнасцей, закладзеных прыродай. Даросламу не трэба фарміраваць чалавека па сваіх мерках, ён абавязаны дапамагчы вучню (ці хаця б не перашкодзіць) стаць самім сабой.
Прынцып скіраванасці навучання на этнакультурнае асэнсаванне беларускай мовы. Мова павінна разглядацца як сродак выхавання і сродак далучэння да каштоўнасцей нацыянальнай культуры і гісторыі народа.
Прынцып арыентацыі працэсу навучання на засваенне літаратурнай нормы. Яго сутнасць у паступовым набліжэнні маўлення малодшых школьнікаў да нарматыўнага. Найвялікшая матывацыя моўнага развіцця вучняў – успрыманне імі свайго настаўніка як моўна-эстэтычнага ідэалу. (Мова настаўніка – даступная, але недасягальная.)
Што датычыцца метадаў (грэч. слова “метад” азначае шлях, спосаб пазнавальнай і практычнай дзейнасці людзей), то яны падзяляюцца на метады даследавання і метады навучання. Метады даследавання садзейнічаюць сістэматызацыі ведаў аб саміх спосабах навучання. Метады навучання вызначаюцца спосабамі працы настаўніка і адпаведнымі ім спосабамі працы вучняў. Яны класіфікуюцца згодна з крыніцай атрымання вучнямі ведаў; ступенню і характарам удзелу вучняў у працэсе навучання; характарам і месцам работы вучняў.
Прыём навучання – канкрэтны, прыватны сродак рэалізацыі метаду.
Форма навучання – знешняе ўладкаванне ўзгодненай вучэбнай дзейнасці настаўніка і вучняў, якое ажыццяўляецца на класічным уроку ў выглядзе калектыўнай, групавой, індывідуальнай працы, на дадатковых занятках пасля ўрока, у працэсе дамашняга навучання і г.д.
Вучэбная дзейнасць ажыццяўляецца ў акрэсленых формах па пэўнай тэхналогіі. Адукацыйная тэхналогія (М. Г. Яленскі) – “сістэма педагагічнай дзейнасці ў адзінстве матывацыйна-мэтавага, зместава-працэсуальнага, кантрольна-ацэначнага кампанентаў, сукупнасць сродкаў і метадаў навучання, якія дазваляюць паспяхова рэалізаваць пастаўленыя адукацыйныя мэты”
4. Структура і метады лінгваметадычнага даследавання. Як навука, методыка выкладання беларускай мовы мае сваю тэхналогію і метады даследавання.
Структуру педагагічнага даследавання можна абазначыць наступным чынам: 1) вызначэнне актуальнай праблемы, аб’екта і прадмета даследавання; 2) абгрунтаванне канцэпцыі даследавання і фармулёўка гіпотэзы; 3) распрацоўка методыкі даследавання; 4) правядзенне эксперымента і аналіз вынiкаў; 5) вывады.
Метады даследавання:
– метады тэарэтычнага пошуку (аналіз навукова-метадычнай літаратуры; вывучэнне метадалагічных і тэарэтычных асноў методыкі выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах, вывучэнне гісторыі праблемы, аналіз матэрыялаў, атрыманых эмпірычным шляхам);
– метады даследавання педагагічнага працэсу (назіранне за працэсам навучання, вывучэнне пісьмовых прац вучняў, тэсціраванне, анкетаванне, гутарка, аналіз і абагульненне педагагічнага вопыту; аналіз дакументацыі);
– эксперымент (пошукавы, канстатавальны, навучальны, кантрольны);
– метады матэматычнай статыстыкі.
З дапамогай канстатуючага эксперымента (прапаноўваюцца спецыяльна падрыхтаваныя зрэзавыя заданні дыягнастычнага характару) вызначаецца рэальны ўзровень ведаў, уменняў і навыкаў вучняў. Пошукавы эксперымент дазваляе правесці папярэднюю “разведку” тых ці іншых падыходаў у методыцы навучання. Арганізоўваючы навучальны эксперымент, даследчык у адпаведнасці з выпрацаванай канцэпцыяй распрацоўвае ўласную методыку, правярае яе эфектыўнасць у параўнанні з традыцыйнай, супастаўляючы вынікі зрэзаў, праведзеных у кантрольных і эксперыментальных класах. Кантрольны эксперымент неабходны для таго, каб паўторна праверыць эфектыўнасць распрацаванай методыкі ў параўнанні з традыцыйнай практыкай.
Эксперыментальная праверка пэўных меркаванняў, гіпотэз дапамагае вызначыць, справядлівыя яны ці памылковыя, а гэта, у сваю чаргу, паспрыяе ўдасканаленню адукацыйных тэхналогій.